У ваўкавыскай спартовай школе склалі “План спаборніцтваў па карупцыі”

Фота мае ілюстратыўны характар
Фота мае ілюстратыўны характар

Ваўкавыская спартовая школа прафсаюзаў збянтэжыла сваіх вучняў і іх бацькоў "Планам спаборніцтваў па карупцыі". Здымак дакумента апублікаваў рэпетытар Яўген Лівянт.

Ужо за адну сваю назву “План спаборніцтваў па карупцыі” стаў аб'ектам жарцікаў у сацсетках. Дзіўна і тое, што побач з адукацыйнымі гутаркамі пра прычыны карупцыі і прыкметы хабарніцтва ў плане апынуліся такія нестандартныя антыкарупцыйныя мерапрыемствы, як турніры па футболе, плаванні і вольнай барацьбе.

Дырэктар ДзЮСШ Марына Аўсейчык лічыць, што сувязь паміж карупцыяй і дзіцячымі спаборніцтвамі ўсё ж ёсць.

"Гэта такая наша форма пратэсту супраць карупцыі. Мы расказваем дзецям пра тэлефоны даверу і гарачыя лініі. І тлумачым, што калі раптам вам трэнер пачне казаць, што трэба нейкія дадатковыя грошы плаціць за трэніроўкі або за ўдзел у спаборніцтвах, дык што ў такіх выпадках трэба рабіць. Што тычыцца спаборніцтваў па супрацьдзеянні, дык мы праводзім іх на розныя тэмы. Напрыклад, супраць допінгу, ці прымяркоўваем іх да Года малой радзімы. А як мы яшчэ можам вылучыць тэматычна гэта ўсё? Толькі спаборніцтвамі".