«У Беларусі не можа быць такога, калі б чалавека спецыяльна забілі для таго, каб разабраць яго на органы»

10.12.2017

МАРЫЯ УЛАДЗІМІРАВА, ЗАЎТРА ТВАЁЙ КРАІНЫ

Ці можа колькасць беларусаў, якія напісалі адмову на выманне органаў пасля смерці, сведчыць пра давер да медыцыны?

Сёння ў Беларусі 2350 человек напісалі адмову на выманне органаў для перасадкі пасля смерці. Гэтую лічбу прывёў кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Трансплантацыя органаў і тканяў» Алег Румо.

Як паведамляе TUT.BY са спасылкай на словы Румо, падобная практыка – прэзумпцыя згоды на выманне органаў і тканяў існуе не толькі ў Беларусі.

У Чэхіі адмовіліся ад трансплантацыі органаў пасля смерці 1,5 тысячы чалавек, у Польшчы — крыху больш за 12 тысяч.

Алег Румо лічыць, што паводле статыстыкі паказчык у Беларусі сярэдні паміж Чэхіяй і Польшчай.

— Гэта адлюстроўвае своеасаблівую ступень даверу грамадства сістэме аховы здароўя. Калі людзі не будуць давяраць медыцыне і сістэме аказання медыцынскай дапамогі ў краіне, канечне, іх (нязгоднях на выманне) будзе больш, — адзначыў Румо.

Фельчар «хуткай» Аляксандр Валчанін з Жодзіна мяркуе, што нізкая колькасць беларусаў, не згодных з выманнем органаў пасля смерці, не з'яўляецца паказчыкам даверу медыцынскай сістэме.

У то жа час суразмоўца Заўтра тваёй краіны адзначае, што да «хуткай», дзе ён працуе, людзі ставяцца добра.

— Калі ў палікілінцы трэба чакаць, пакуль выпішуць талон ці рэцэпт, то «хуткая» прыедзе своечасова і дапаможа ў крытычнай сітуацыі. Канечне, людзі часцей сталі «хуткую» выклікаць, і гэта паказчык даверу хуткай дапамозе, — лічыць фельчар.

Аляксандр Валчанін ведае людзей, якія выжылі дзякуючы трансплантацыі органаў.

— Я не чуў пра такое, каб нехта падаў ў суд на кіраўніцтва бальніцы, што забралі органы без згоды, — гаворыць фельчар.

Лекар-рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вiтушка таксама не пагаджаецца з тым, што колькасць беларусаў, якія напісалі адмову на выманне органаў пасля смерці, сведчыць пра давер да медыцыны

— У мяне сустрэчнае пытанне. Чаму ў Беларусі штогод расце колькасць скаргаў на дзеянні лекараў, на функцыянаванне сістэмы аховы здароўя? Можа быць, гэта таксама нейкім чынам адлюстроўвае ступень даверу, стаўленне людзей да сістэмы аховы здароўя?

Лекар прыводзіць і іншыя чыннікі, якія сведчаць пра зніжэнне даверу да медыцыны.

— Колькасць жанчын, якія нараджаюць дома, кожны год расце. У многіх з гэтых выпадкаў гэта робіцца праз тое, што жанчыны не хочуць нараджаць у дзяржаўнай сістэме аховы здароўя па розных прычынах, у тым ліку і таму, што не давяраюць ёй, — адзначае лекар.

Таксама кожны год ўсё больш людзей адмаўляюцца ад прышчэпак, нягледзячы на тое, што афіцыйная пазіцыя сістэмы аховы здароўя скіравана на тое, каб рабіць прышчэпкі.

Як адзначае Андрэй Вітушка, каб напісаць заяву пра нязгоду на выманне органаў пасля смерці, трэба заклапоціцца гэтым пытаннем.

— Трэба вырашыць, схадзіць і аформіць гэта пэўным чынам. То бок трэба мець праактыўную пазіцыю. Думаю, што многія людзі ў Беларусі, калі не большасць, не задавалі сабе такое пытанне: што яны хочуць рабіць з уласным целам, — лічыць суразмоўца.

З іншага боку, мяркуе ён, людзі не ведаюць пра тое, ці маюць яны права адмовіцца ад забору органаў.

Ці былі дыскусіі на гэтую тэму ў прафесійнай супольнасці?

— Безумоўна, так. Але каго цікавіць меркаванне прафесійнай супольнасці? – разважае Андрэй Вітушка. – Прычым гэта тычыцца любой сферы – не толькі сістэмы аховы здароўя, але і адукацыі ці міліцыі, напрыклад.

Мы можам думаць адно, а на рашэнні, якія прымаюцца, маем абмежаваны спосаб уплываць. Гэта не значыць, што прафесійная супольнасць ставіцца насцярожана да гэтага пытання ці пазіцыя маіх калег моцна адрозніваецца ад пазіцыі Міністэрства аховы задроўя. Але жыццё такое, што нашай пазіцыі ніхто асабліва не пытаецца.

Андрэй Вітушка кажа, што асабіста ведае дваіх чалавек, якія падпісалі адмову ад забору органаў пасля смерці. Яны зрабілі гэта з рэлігійных прычынаў.

Цікавая вашая асабістая пазіцыя. Вы падпісалі б адмову на выманне органаў?

— Навошта? Па-першае, як прафесіянал я ведаю, як адбываецца працэдура канстатацыі смерці чалавека, і потым, як адбываецца працэдура забора органаў. Я ўпэўнены ў тым, што не можа быць такіх сітуацый кшталту таго, што чалавека спецыяльна забілі для таго, каб разабраць яго на органы. Гэта нонсэнс. Гэта немагчыма нават у нашай дзяржаве, дзе ёсць пэўныя праблемы з адкрытасцю дзяржаўных інстытуцый, дамкратыяй. Трэба вельмі моцна адчуваць дэфіцыт у такога кшталту матэрыялу, каб ісці на сур'ёзнае злачынства.

Па-другое, як лекар, звязаны са служэннем людзям, я не супраць, каб мае органы паслужылі людзям далей, калі мяне ўжо не будзе фізычна на гэтым свеце.