З Ліды вырушыла пешая пілігрымка ў Будслаў

Сёлета ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай пройдуць 1–2 ліпеня. Як і штогод, з усіх канцоў Беларусі пакланіцца Багародзіцы прыйдуць тысячы пілігрымаў. Летась у святыню падчас урачыстасці прыбылі больш за 20 тыс. паломнікаў, пешшу прыйшлі больш за 2 тыс. 

Традыцыі Будслаўскага фэста ўжо 28 гадоў. З Ліды вернікі ідуць у чацвёрты раз. Увогуле існуюць розныя віды пілігрымак: веласіпедныя, сямейныя, пакутніцкія (на хлебе і вадзе) і іншыя.

Загадзя ў пілігрымку з Ліды зарэгістраваліся каля 80 чалавек. Але, як сведчаць арганізатары, пэўная частка далучаецца падчас руху.

Цікава, што з Ліды ідуць не толькі вернікі мясцовых парафій. Адсюль трымаюць шлях і пілігрымы з Гродна, Валожына, Мінску і інш. Гэта тыя, каму, напрыклад, тэхнічна зручна стартаваць з Ліды, альбо хто хоча ісці менавіта з гэтай малітоўнай групай.

Зранку каля Фарнага касцёла людна. Нязвыкла бачыць тут людзей, апранутых «па-паходнаму» і з заплечнікамі.

Таццяна і Галіна сярод іх. Яны з Ліды, ідуць у Будслаў упершыню. Кажуць, на сэрцы радасна, хоць і крыху хвалююцца.

- Перш за ўсё ідзем да Маці Божай з падзякай. Будзем маліцца за блізкіх. Даўно хацела пайсці, у гэты раз вырашыла: іду дакладна! Таму калег папярэджвала ледзьве не за год! – расказвае Таццяна. – Некаторыя да апошняга думалі, што я жартую.

- 5-6 гадоў хадзіла пешшу на ўрачыстасць у Тракелі. Адчула, што гатова і да Будслава, - дадае Галіна. – На працы шмат католікаў, таму усе аднесліся з разуменнем і падтрымалі.

Мілана, Ілона, Паліна і Дар'я – школьніцы. Кажуць, што самы цяжкі – шосты дзень, на яго запланавана самая працяглая адлегласць. Гэта дзяўчат не палохае, ідуць не першы раз. 

Распачалася пілігрымка з імшы. Пасля на добры і плённы шлях пілігрымаў благаславіў настаяцель Фарнага касцёла Уладзімір Гуляй.

Што наперадзе? 9 дзён і 250 км. Але, як кажуць, усё адносна. Пілігрымаў з Брэста, якія самымі першымі выйшлі 16 чэрвеня, чакаюць больш за 500 км хады на працягу 16 дзён.

Нягледзячы на спёку і дождж, мазолі і сонечныя апёкі, лідчане ідуць да старадаўняга цудатворнага абраза. Навошта? Адныя - з просьбай, іншыя – з падзякай.

- Пілігрымка - не паход, не забава, а перад усім - ахвяра: сіл, часу, - кажа кс. Дзяніс Бразінскі. - Кожны дзень праходзіць імша, у дарозе моляцца, спяваюць хрысціянскія песні. Інтэнцыя ў кожнага свая, глабальны сэнс пілігрымаў - умацавацца ў веры.

Нягледзячы на глыбокі духоўны падтэкст, аргмоманты ніхто не адмяняў. Усё прадумана і арганізавана. Маршрут разлічаны падзённа, размеркаваны прыпынкі і стаянкі. Начлег запланаваны ў мясцовых жыхароў, школах, палатках.

Будслаўскі фэст унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе ён пройдзе пад дэвізам «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства». Пажадаем пілігрымам духоўных і фізічных сіл, каб давесці да канца іх высокі і годны намер!