Абрад «Провады русалкі» на Лоеўшчыне як адметная з’ява русальнай абраднасці Гомельскага Палесся

15 August 2019

Агульнавядома, што эпіцэнтрам бытавання русальных абрадаў на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца руска-беларуска-ўкраінскае памежжа. Навукоўцы адзначаюць, што песенная творчасць пра русалку найбольш пашырана ў беларусаў, вядома ўкраінцам, сустракаецца ў сумежных з Беларуссю раёнах у рускіх. Увогуле беларуская русальная абраднасць як сукупнасць вербальна-акцыянальных тэкстаў — з’ява лакальная. Яе ядро — Лоеўскі i Брагінскі раёны Гомельскай вобласці, перыферыя — Веткаўскі, Гомельскі, Рэчыцкі, Нараўлянскі, Лельчыцкі i Петрыкаўскі раёны, якія акаляюць ядро з паўночнага ўсходу i захаду. Аднак вераванні пра русалак ахопліваюць значна большую тэрыторыю, не абмежаваную Беларуссю і ГБЧ-рэгіёнам. Яны вядомы і на Навагрудчыне (дастаткова ўзгадаць знакамітыя творы Адама Міцкевіча “Свіцязянка”, “Рыбка”, “Пан Тадэвуш”, заснаваныя на гэтых вераваннях), і на Міншчыне, пра што сведчаць яшчэ фальклорныя запісы ХІХ стагоддзя (П.В. Шэйн, Я.Р. Раманаў, М.В. Доўнар-Запольскі), на Смаленшчыне, Браншчыне, Разаншчыне i ў Паволжжы, а таксама амаль на ўсёй тэрыторыі Украіны, дзе назіраюцца значныя семантычныя адрозненні ў вобразе русалкі. Праўда, трэба адзначыць, што звесткі пра абрады “Провады русалкі” тут адсутнічаюць, акрамя тэрыторыі Паволжжа ў Расіі. Так, напрыклад, у рускіх русалка ўяўляецца як “закладзены нябожчык” (“закладзенымі” лічыліся нябожчыкі, якія памерлі не сваёй смерцю, заўчасна, альбо тапельцы ці нехрышчоныя дзеці) і характарызуецца дэманічнымі рысамі. Ва ўкраінцаў дэманічнасць русалкі паслабляецца з набліжэннем да межаў Беларусі, дзе ўжо выразна назіраецца неадназначнасць гэтага вобраза. Беларуская русалка ў абрадзе — істота стваральная, хаця ў вераваннях i некаторых песнях можна знайсці пацвярджэнні яе адмоўнай ролі. Вывучэнне акцыянальных сімвалаў (ці рытуальных дзеянняў) абрадаў “Провады русалкі”, заснаванае на разуменні гэтых дзеянняў інфарматарамі на тэрыторыі Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці, даказвае перавагу стваральнага пачатку ў вобразе русалкі, у выніку чаго самі абрады тлумачацца як урачыстае суправаджэнне падаўніцы добрага ўраджаю, русалкі, у жыта [1].

У залежнасці ад мясцовасці арэала беларускі вобраз русалкі ўяўляўся па-рознаму. Гэта магла быць пераапранутая дзяўчына ці саламянае пудзіла русалкі (лялька). Самі ж рытуалы “провадаў” адрозніваліся дэталямі, якія з глыбокай старажытнасці мелі магічны сэнс. Напрыклад, у Нараўлянскім раёне русалку праводзілі ў панядзелак Русальнага тыдня, а ў Брагінскім раёне — у нядзелю. Нязменным заставаўся толькі час русальных святаў — другі тыдзень пасля Сёмухі (Тройцы). Агульнай жа ідэяй Русальнага (Гранога) тыдня з’яўляліся провады вясны і пераход да летняй абраднасці.

Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!

Адрозніваўся таксама і час на працягу дня, калі русалку праводзілі ў жыта: апоўначы (Лельчыцкі, Веткаўскі, Хойніцкі раёны) і апоўдні (Лоеўскі, Брагінскі раёны). Інварыянтная схема абраду “Провады русалкі” ўключае наступныя звёны:

1) русалку ловяць на могілках (прысутнічае толькі ў Нараўлянскім, Брагінскім і Лоеўскім раёнах);

2) вядуць на горачку ў танок (толькі Веткаўскі і Лоеўскі раёны);

3) вядуць праз галоўную вуліцу вёскі (толькі Добрушскі і Лоеўскі раёны);

4) па дарозе ў жыта:

а) скачуць праз агонь, спаліўшы на ім русалчын вянок (толькі Лельчыцкі раён) ці саламянае пудзіла-русалку (толькі Гомельскі раён);

б) русалку абмываюць у рэчцы i варожаць на вадзе (толькі Лоеўскі раён);

5) русалку вядуць у жыта (прысутнічае па ўсяму арэалу);

6) разрываюць убранне русалкі на часткі, якія нясуць у агароды (таксама прысутнічае па ўсяму арэалу).

Аднак у такім, інварыянтным выглядзе абрад захаваўся толькі ў цэнтральнай частцы арэала — у Лоеўскім раёне. Гэты ўнікальны абрад яшчэ ў 90-я гады ХХ ст. выконваўся ў вёсцы Дзімамеркі, а таксама ў вёсцы Шчытцы і ў самім гарадскім пасёлку Лоеў (тут, праўда, выконваліся не ўсе звёны абраду). Напрыклад, у Лоеве Русальны тыдзень вызначалі провадамі русалкі ў жыта нейкага гаспадара. Гаспадар ведаў, што гэтым вечарам будуць весці русалку, і падрыхтоўваў дзяжы з дзёгцем. Ганяліся за русалкай, лавілі яе, прывязвалі да дрэва ці да слупа і абмазвалі дзёгцем яе ўсю, каб яна больш не таптала жыта.

Колькасць звёнаў у перыферыйных раёнах распаўсюджання русальнай абраднасці непастаянная (ад трох да пяці), што напрамую звязана з мясцовымі прыроднымі асаблівасцямі. Так, наяўнасць ракі непадалёку ад вёскі абумоўлівае існаванне такога звяна, як рачное абмыванне русалкі перад провадамі яе ў жыта. У пагоркавых мясцовасцях русалку абавязкова вялі ў танок на горку і ўжо пасля праз усю вёску праводзілі ў жыта. Акрамя таго, у некаторых мясцовасцях назіраецца дэградацыя абрадаў. Напрыклад, у Рэчыцкім раёне (в. Заспа) абрад “Провады русалкі” страціў свой сакральны сэнс, звязаны з провадамі яе ў жыта, у выніку чаго яго структура разбурылася, саступіўшы месца шматзначным тэатралізавана-драматызаваным гульнёвым дзеянням.

Толькі на Лоеўшчыне, у вёсцы Дзімамеркі, “Провады русалкі” сумяшчаюць у сабе тры культы — расліннасці, урадлівасці і продкаў, якія судакранаюцца праз шматгранны вобраз русалкі. Акрамя таго, праз усе звёны абраду праходзіць скразная думка аб шчаслівым шлюбе.

У нядзелю, бліжэй да вечара, дзяўчаты ідуць у поле ці ў лес, каб назбіраць кветак для вяночкаў. Важным тут з’яўляецца як выбар кветак, так і час пляцення вянкоў. Напрыклад, вянкі, якія трэба павесіць на крыжы на могілках, дзяўчаты плятуць як раз перад захадам сонца і пакідаюць на ўсю ноч на магілах. Для такіх вянкоў выкарыстоўваюцца толькі рамонкі. Як вядома, белы колер сімвалізуе чысціню, дзённы свет. Аднак на Лоеўшчыне (як і ў некаторых іншых раёнах Беларусі) ён суадносіцца са смерцю (напрыклад, на пахаванне жанчыны павінны завязваць на галаву толькі белыя хусткі). Таму такія вянкі ў выглядзе замкнёнага кветкавага кола сімвалізуюць сувязь жыцця — смерці — жыцця ў новай якасці.

Для сябе дзяўчаты плятуць вянкі з васількоў, час збірання якіх прыходзіцца на момант каласавання жыта. Васількі ўвабралі ў сябе колер неба. Гэтыя кветкі і зараз яшчэ жыхары Дзімамерак лічаць дзявоцкімі. У агульнаславянскай традыцыі засеянае поле — сімвал плоднасці жанчыны, а сіні колер сімвалізуе вернасць і пастаянства — адпаведна народнай маралі, якасці, неабходныя будучым жонкам і маці.

Для найбольш прыгожай, жвавай дзяўчыны з доўгімі валасамі, якую і абіраюць на ролю русалкі, дзяўчаты звіваюць вялікі вянок з розных кветак. Чырвоная канюшына, ружовыя смолкі, аранжавая кашка, белыя рамонкі, жоўтыя дзьмухаўцы, сінія васількі, пераплеценыя лісцем папаратніку, — абавязковыя палявыя кветкі вянка русалкі, які ўбірае ў сябе асноўныя колеры вясёлкі і разам з адзеннем русалкі сімвалізуе найвышэйшы росквіт прыроды.

Адзенне русалкі мае ўрадлівую сілу і абавязкова рыхтуецца з ветак бярозы і асіны. Цікава, што з апазіцыі “лісцевыя дрэвы — хваёвыя дрэвы” выбіраюцца толькі лісцевыя. Тлумачыцца гэта досыць проста: з аднаго боку, хваёвыя дрэвы амаль адсутнічаюць на тэрыторыі Лоеўшчыны (калі не ўлічваць цэнтралізаваныя лесапасадкі апошніх пяцідзесяці год); з другога боку, садовыя, акультураныя дрэвы з’яўляюцца другаснымі, тады як бяроза, асіна, дуб, клён — першасныя (як і палявыя кветкі ў параўнанні з садовымі).

Вянок і адзенне русалкі, а таксама вяночкі дзяўчат плятуцца з самага рання, пакуль сонца не высушыць расу. Верылі, што менавіта ў гэты час зеляніна поўная жыццёвых сокаў, здольных засцерагчы ад негатыўных сіл на працягу дня. Па меры таго як кветка будзе вянуць, ахоўная энергія будзе змяншацца.

Абраную на ролю русалкі дзяўчыну распранаюць да сарочкі (а калі валасы ў яе вельмі доўгія, то і дагала), апранаюць у сплеценую сукенку і абвіваюць гірляндамі з кветак. Варта зазначыць, што расплятанне касы, агаленне дзяўчыны, якая абіраецца на ролю русалкі, мае на мэце не знешняе падабенства да гэтых міфічных істотаў. Вядома, што распускаць косы павінны ўсе ўдзельніцы абраду, i таму гэта дзея з’яўляецца агульным сакральным момантам русальнага абраду.

Працяг артыкула чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.