«Эканамічна немэтазгодна»: гамельчуку адмаўляюць у праве вучыць дзіця па-беларуску побач з домам

Гамяльчук Сяргей Макрэнка дамагаецца, каб яго дачка атрымала права на атрыманне адукацыі на беларускай мове. Але чыноўнікі ад адукацыі выпраўляюць дзіця вучыцца за сем кіламетраў ад хаты.

Існуючыя законы даюць права кожнаму абіраць мову адукацыі і выхавання. Але, як яшчэ раз сведчыць рэальны стан спраў, гэтым разам у Гомелі, далей за прыгожыя словы справа не ідзе.

Да беларускай мовы Сяргей Макрэнка прыйшоў не адразу — двое старэйшых дзяцей вучацца па-руску, але паступова ўсвядоміў сябе беларусам, пачаў карыстацца роднай мовай у сям’і ды дамагаецца, каб ягоная малодшая дачка Саша і ў школе на ўсіх уроках чула беларускую, а не рускую мову. Менавіта таму яшчэ ў лістападзе мінулага года ён звярнуўся ў гомельскую школу №5, за якой замацаваны мікрараён, дзе жыве сям’я Сяргея, каб Сашу там вучылі па-беларуску. Але ажыццявіць сваё канстытуцыйнае права яму не ўдаецца і дагэтуль.

Працяглае ліставанне паміж Сяргеем і чыноўнікамі розных узроўняў зводзіцца да аднаго: вучыць адно беларускае дзіця не на той мове, як астатнюю масу шкаляроў, эканамічна не выгадна і таму немэтазгодна.

У ліпені на прыёме ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага гарвыканкама Сяргею паабяцалі адкрыць клас з беларускай мовай навучання ў сярэдняй школе № 5. Але паставілі ўмову, што гэта адбудзецца тады, калі там сфармуецца «паўнавартасны» клас ахвочых вучыцца па-беларуску.

Працяг гісторыі аб змаганні Сяргей Макрэнка за беларускамоўнае навучанне ў Гомелі, пазіцыю чыноўнікаў і наступныя планы можна прачытаць на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.

А як вы лічыце — ці мае быць у Гомелі яшчэ адзін беларускамоўны клас?

Каб не прапусціць іншыя цікавыя матэрыялы і навіны — падпісвайцеся на гэты канал!