АБ ПІСЬМОВЫХ КРЫНІЦАХ ПРА ГІСТАРЫЧНЫЯ ПАЧАТКІ СУЧАСНАГА СВЕТЛАГОРСКА

Герб ''Любич'', экспазіцыя Светлагорскага музею.
Герб ''Любич'', экспазіцыя Светлагорскага музею.

Як вядома, у 2006 г. ўрачыста адзначалася 45-годдзе Светлагорска. Гэтая даволі сціплая дата грунтуецца, увогуле, на адным вядомым афіцыйным дакуменце, а менавіта на Указе Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, выдадзеным 29 ліпеня 1961 г.  Літаральны сэнс гэтага дакумента звычайна пакідаецца па-за ўвагай, таму прывядзём яго цалкам, пачынаючы з дакладнай назвы – «О преобразовании городского поселка Шатилки в город районного подчинения и переименовании Паричского района Гомельской области» («Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падпарадкавання і перайменаванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці») (мал. 1).
«Преобразовать городской   поселок   Шатилки  Паричского  района Гомельской области, – гаворыцца ва Указе, – в город районного  подчинения, присвоив ему наименование – город Светлогорск. Паричский район Гомельской области переименовать в Светлогорский район. Председатель Президиума Верховного Совета БССР В. Козлов. Секретарь Президиума Верховного Совета БССР Д. Лукашевич» [1]. («Пераўтварыць гарадскі пасёлак Шацілкі Парыцкага раёна Гомельскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання, надаўшы яму найменне – горад Светлагорск. Парыцкі раён Гомельскай вобласці перайменаваць у Светлагорскі раён. Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР В. Казлоў. Сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Д. Лукашэвіч».)

Указ ад 29 ліпеня 1961 г.
Указ ад 29 ліпеня 1961 г.

Такім чынам, як гэта цалкам зразумела з тэкста дадзенага Указа, гаворка павінна ісці менавіта аб перайменаванні, а зусім не аб заснаванні. Зразумела, што, напрыклад, для Санкт-Пецярбурга адных правіл, а для Светлагорска іншых, існаваць не можа. Такім чынам, указ ад 29.07.1961 проста засведчыў на заканадаўчым узроўні, што Светлагорск і Шацілкі – юрыдычна адно і тое ж. Гэта значыць, узрост Светлагорска павінен адлічвацца проста ад узнікнення Шацілак. Увогуле, гэта зрабілася зразумелым ужо даволі даўно:
«Светлагорск не ўзнік на пустым месцы, – слушна сцвярджаў Т. В. Маслюкоў яшчэ 20 гадоў таму. – У горад ператвораны пасёлак Шацілкі. Такім чынам, ва ўзрост Светлагорска ўваходзіць і ўзрост Шацілак, гарадскога пасёлка, а раней – вёскі» [2].
Інтрыга, аднак, ў тым, што апублікаваны звесткі аб згадванні Шацілак нібы аж пад 1199 г. [3]. Адпаведная інфармацыя ўтрымоўваецца ў дакуменце, які захоўваецца, паводле Я. Я. Янушкевіча, у архіве «Асалінеум» (г. Вроцлаў, Ніжнесілезскае ваяводства, Польшча).
«14 красавіка, – чытаем у яго. – Чаго толькі не сустрэнеш у штодзённых пошуках. Зборы вядомага Асалінеума захавалі афіцыйны ліст на бланку Інстытута беларускай культуры (кутні штамп прадубляваны на нямецкай і французскай мовах: у сярэдзіне 1920-х гадоў дыханне суседняй Еўропы на Беларусь было больш адчувальна і рэальна, чым зараз шанец быць прынятай апошняй у агульнаеўрапейскую хату). Дакумент паведамляе: 21 снежня 1927 года з вуліцы Рэвалюцыйнай, 21 у Менску ў адрас выкладчыка Львоўскага ўніверсітэта імя Яна-Казіміра прафесара Станіслава Закрэўскага накіравалі афіцыйны запыт (№ 5010–1а) з наступнай просьбай: «Глыбокапаважаны пан прафесар! Ад аднаго з нашых карэспандэнтаў атрымалі мы паведамленне, што ў пэўным беларускім мястэчку знайшлі дакумент, выдадзены нейкаму Манкевічу за адрозненне ў бою з крыжакамі ў 1199 г. На дакуменце падкова і два крыжа (герб). Лешкам Бялым падораныя Манкевічу два маёнтка: Шацілкі і Востраў. Дакумент той ні за якія грошы прадаць не жадаюць і нават не моцна жадаюць паказваць. Узяўшы да ўвагі, што ў нашай гістарычнай камісіі пры Польскім сектары Інстытута беларускай культуры (які зараз пераўтворыцца ў Беларускую акадэмію навук) ніхто ў гэты момант вышэйназваным перыядам гісторыі Польшчы не займаецца, а з іншага боку, добыццё нават копіі таго дакумента цягне за сабою значныя выдаткі, я вельмі прасіў бы паважанага пана прафесара паведаміць, ці варты “палац Паца”? Ці трэба бліжэй заняцца гэтай справай з пункта погляду польскай гісторыі? Пры бягучай аказіі жадаю таксама спытаць, ці можа дазволіць у будучыні паважаны пан прафесар звяртацца да яго па аналагічных справах і наогул разлічваць на плённае супрацоўніцтва ў вобласці польскай гісторыі? Чакаю на сваю просьбу адказ паважанага пана прафесара і шлю вам выраз высокага гонару і павагі. Навуковы сакратар Польскага сектара пры Інстытуце беларускай культуры Ул. Ландзберг» [3, с. 64–65].
Сапраўды: гэта ж герб «Любіч» – «у галубым полі сярэбраная падкова з рыцарскім залатым крыжом на плячы і такім самым крыжом, пакладзеным у сярэдзіне. У клейнодзе над шлемам у кароне 3 страўсіныя пёры» (польск. «w polu błękitnym podkowa srebrna z krzyżem kawalerskim złotym zaćwieczonym na barku i takim samym krzyżem luzem w środku, w klejnocie nad hełmem w koronie trzy pióra strusie»). Яго можна бачыць таксама і ў радаводнай справе нашых шацілкаўскіх Манкевічаў (мал. 2). Але, апрача ўсіх іншых гістарычных і геральдычных недарэчнасцяў, звернем увагу на тое, што ў Польшчы гэтакі герб з’явіўся ўпершыню значна пазней за князя Лешака Бялага (1185 – 1227) – толькі ў 1348 г. [4, с. 96] Больш істотна, што той міфічны «дакумент» карэнна разыходзіўся з дакладнымі. Маем на ўвазе, перш за ўсё, польск. «Przywiley Urodzonemy Żdanu Mąkiewiczowi na pewne Dobra w Powiecie Rzeczyckim lezące za nayiasnieyszego Predecesora Naszego Króla Jnięe Polskiego wielkiego Xiązęcia Litewskiego Zygmunta Augusta w Roku Tyssiąc Pięsett Szescdziesietym Miesiąca Julij Piętnastego Dnia dany»  («Прывілей народжанаму Ждану Манкевічу на пэўны маёнтак, які ляжыць у Рэчыцкім павеце, ад найяснейшага папярэдніка нашага караля польскага, вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста 1560 года ліпеня месяца 15-га дня выдадзены»). У гэтым прывілеі ўпершыню згадваецца «Ostrów Szatylinski w trakcie Horwolskom nad Rekoiu Berezynoiu leżaszczy» («Шацілінскі Востраў, які ляжыць на Горвальскім тракце над ракой Бярэзінай»). Прывілей захаваўся ў судова засведчанай 27.01.1798 г. дакладнай копіі (мал. 3) [5, арк. 86–88 адв.].

Першы аркушкопіі прывілея 1560 г.
Першы аркушкопіі прывілея 1560 г.

Міфічная «дата» светлагорскай гісторыі (1199 г.) была абвергнутая неўзабаве пасля яе апублікавання менавіта дзякуючы гэтай гістарычнай крыніцы – Прывілею. «Параўноўваючы тэкст Прывілея за 1560 год з тым дакументам, які адносіцца да 1199 года, – заўважыў М. Гарбачоў, – узнікае пытанне: калі Шацілавічы і Востраў былі падараваны роду Манкевічаў яшчэ напрыканцы XII стагоддзя, чаму тады ў 1560 годзе Востраў зноў перадаваўся гэтаму самаму роду пасля смерці Р. Шацілы? 361 год падзяляюць гэтыя даты» [6].
У ацалелых рэштках архіва Інбелкульта (1924 – 1928 гг.) ані копія пісьма У. Ладзберга, ані адказ прафесара Закрэўскага не захаваліся, і увогуле, нейкія дакументы па гэтай справе, на жаль, адсутнічаюць. Але, як можна меркаваць па наяўных матэрыялах, гістарычную камісію «польсектара» цікавілі зусім не стасункі ўнутры класа эксплуататараў эпохі феадалізма. Звярнёмся, напрыклад, да плана працы гэтага сектара на 1928 – 1929 гг.: «…3. Zbieranie i opracowanie w dalszym ciągy materiałow o powstaniu r. 1863, – значыцца ў ім. – 4. Dopełnienie materiałow o Konstantym Kalinowskim. 5. Zbieranie materiałow do r. 1830 – 1831 w Białorusi. 6. Ewidencja materiałow, dotyczączych ruchu rewolucyjnego w końcu zeszłego stulecia, mianowicie 80 – 90 lat i pózniejszych» [7, арк. 246]. («...3. Збіранне і ў далейшым апрацоўка матэрыялаў аб паўстанні 1863 г. 4. Завяршэнне матэрыялаў аб Канстанціне Каліноўскім. 5. Збіранне матэрыялаў пра 1830 – 1831 г. ў Беларусі. 6. Запіс матэрыялаў, датычных рэвалюцыйнага руху напрыканцы мінулага стагоддзя, а менавіта 80 – 90 гадоў і пазнейшых.») Праўда, асабістыя творчыя інтарэсы самаго У. Ландзберга ад гэтай выключна рэвалюцыйнай тэматыкі значна адхіляліся. Ён тады запланаваў сабе, літаральна, наступнае: «Przeżytki pierwotnego prawa wśród polskiej ludności na Białorusi (zbieranie materiałow)» [7, арк. 247], гэта значыць – «Рэшткі звычаёвага права сярод польскага насельніцтва ў Беларусі (збіранне матэрыялаў)». Напэўна, адпаведныя матэрыялы збіраліся, у першую чаргу, па нацыянальных польскіх сельсаветах.
Між іншым, загадкавы дакумент, што меўся на ўвазе У. Ландзбергам і Я. Янушкевічам, гарантавана быў знойдзены зусім не ў нейкім мястэчку. Захаваўся цікавы «Материал обследования Шатиловского национального еврейско-польского Совета Паричского района Бобруйского округа» («Матэрыял абследавання Шацілаўскага нацыянальнага яўрэйска-польскага Савета Парыцкага раёна Бабруйскай акругі»), датаваны 3 студзеня 1927 г.
«Сельсовет, – гаворыцца ў ім, – объединяет 6 населённых пунктов, которые расположены следующим образом: околица Шатилки (польское население), 2) местечко Шацилки (еврейское население). Оба населённых пункта фактически составляют один, но различаются лишь тем, что в одной части Шацилок проживают евреи, занимающиеся в большинстве торговлей, в силу чего эта часть Шацилок является местечком. Вторая часть населённого пункта Шацилок, в которой проживает исключительно польское население, занимающееся сельским хозяйством, которая носит название Околицы – Шацилки.» (У назвах захавана арфаграфія арыгіналу – С. Р.) [8, арк. 50–51] («Сельсавет аб’ядноўвае 6 населеных пунктаў, якія размешчаны наступным чынам: 1) ваколіца Шацілкі (польскае насельніцтва), 2) мястэчка Шацілкі (яўрэйскае насельніцтва). Абодва населеныя пункты фактычна складаюць адзін, але адрозніваюцца толькі тым, што ў адной частцы Шацілак пражываюць яўрэі, якія займаюцца ў большасці гандлем, у сілу чаго гэтая частка Шацілак з'яўляецца мястэчкам. Другая частка населенага пункта Шацілак, у якой пражывае выключна польскае насельніцтва, якое займаецца сельскай гаспадаркай, носіць назву Аколіца – Шацілкі.») Практычна неверагодна, каб на дзесятым годзе пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі нехта з яўрэйскіх гандляроў хаваў у сябе нейкі прывілей нейкаму з Манкевічаў.
Між іншым, згодна з гэтым «Абследаваннем», шацілкаўскіх «палякаў» трэба было лічыць неад’емнай часткай тутэйшага працоўнага сялянства. Ключавое паняцце тут, канешне, «околица». Яна, дарэчы, выразна супрацьстаўляецца ў «Абследаванні» ўсяму яўрэйскаму мястэчку. Ваколіца, ці па-польску okolicа, – гэта менавіта шляхецкае паселішча, што спецыяльна падкрэсліваў, у прыватнасці, Ф. В. Булгарын [9, с. 723]. «Есть околицы, в которых почти все живущие носят одну и ту же фамилию» («Ёсць ваколіцы, у якіх амаль усе, хто жыве, носяць адно прозвішча»), – дадаваў да гэтага А. К. Кіркор, які таксама паходзіў з нашай шляхты [10]. У ваколіцы Шацілкі гэтакім прозвішчам было, канешне, Манкевіч (польск. Mankiewicz, Mańkiewicz).
«Дело Минского Дворянского Депутатского Собрания о дворянском происхождении рода Монкевичей. Первоначальныя определения  Депутат. Собрания Марта 14 дня 1802 года» («Справа Мінскага Дваранскага дэпутацкага Сходу аб дваранскім паходжанні роду Манкевічаў. Першапачатковыя вызначэнні Дэпутацкага Сходу Сакавіка 14 дня 1802 года») пралівае святло на цэлы шэраг складаных пытанняў ранняй шацілкаўскай (і, такім чынам, таксама светлагорскай) гісторыі.
«Дано сие, – чытаем мы ў змешчанай ў дадзенай справе копіі, безумоўна, атрыманага на рукі пасведчання, – в том, что Фамилия Монкевичов герба Любич, Минским Дворянским депутатским Собранием в 1802 году Марта 14 дня за дворянскую признана, и в родословную книгу часть 6-ю внесена, к коей и берущий таковое свидетельство желающий вступить в военную Его Императорского Величества службу Викентий Матвеев сын Монкевич причисленным остался. Коего рода начальник Ждан Монкевич, пользуясь всеми имущественными состоянию дворянскому от коронованных особ дозволенными, в протчении (гэтак у тэксце – С. Р.) всей своей жизни, сплодил сына Василя и утвердил в него своё достоинство и заслуженное от короля имение, в доверие чего предъявлено 1560 года июля 15 дня состоявшеюся, а 1743го генваря 27 экстрактом вынятую в 1753го сентября 26 в гродском Речицком актыкованную привилегию Его Королевского Величества Зыгмунта 3го на имения Остров и Шатилки воеводства Минского в повете Бобруйском лежащие, за выслуги данному Ждану Монкевичу на вечные времена выданную – 1560 года учинённое а 1590 сентября 23 экстрактом выданное ограничение упомянутых имениев чрез ревизоров Воловича и Нарушевича насчёт Василя деланное и его служащие – что Василь дал жизнь Матвею, значущемуся на родословной в колене 3-м, а сей сыновьям двум Амельяну, прапрадеду берущему свидетельство, и безпотомственному Григорию Монкевичам в доказательство их происхождения и неотъёмного пользования преимуществами 161(? – С. Р.) года конфирмованная привилегия на прописанные имения Василю Жданову сыну Монкевичу служащае и 1713го марта 4 состоявшееся, а 1797го июля 25 в суде Речицком повета Бобруйского актырованного привилегия Его Королевского Величества Августа 2го упомянутого неоднократно имение Шацилки и Остров урождённому Амельяну Монкевичу, жене и потомству вечно временно владение по наследству утверждающему. Что от Амельяна рождены пять сыновей, Числе коих и прадед берущего (свидетельство) Самуель Монкевич, а от него дед Марцин…» [11, арк. 1–2 адв.].
(«Выдадзена гэта у тым, што Прозвішча Манкевічаў гербу Любіч, Мінскім Дваранскім дэпутацкім Сходам у 1802 годзе Сакавіка 14 дня за дваранскую прызнанае, і ў радаводную кнігу частку 6-ую унесена, да якой і жадаючы уступіць у ваенную Яго Імператарскай Вялікасці службу Вікенцій Матвеяў сын Манкевіч, які бярэ гэтае пасведчанне, далучаным застаўся. Гэтага роду пачынальнік Ждан Манкевіч, карыстаючыся ўсімі маёмаснымі стану дваранскаму ад каранаваных асобаў дазволенымі, на працягу ўсяго свайго жыцця, меў сына Васілія і зацвердзіў яму свой стан і заслужаны ад караля маёнтак, у паццвярджэнні чаго прад’яўлены 1560 года ліпеня 15 дня выдадзены, а 1743га студзеня 27 экстрактам выняты, ў 1753ым верасня 26 ў гродскім Рэчыцкім актыкаваны прывілей Яго Каралеўскай Вялікасці Зыгмунда 3га на маёнткі Востраў і Шацілкі (курсіў мой – С. Р.), якія ляжаць у ваяводстве Мінскім у павеце Бабруйскім, за выслугі гэтаму Ждану Манкевічу на вечныя часы выдадзены – 1560 года зроблены, а 1590 верасня 23 экстрактам выдадзены абмер згаданых маёнткаў, які рэвізорамі Валовічам і Нарушэвічам наконт Васіля зроблены і яго служачыя – што Васіль даў жыццё Матвею, які значыцца ў радаводзе ў калене 3-м, а ён сынам двум Амяльяну – прапрадзеду таго, хто бярэ пасведчанне, – і безпатомнаму Рыгору Манкевічам, у доказ іх паходжання і неад’емнага карыстання перавагамі 161(? – С. Р.) года канфірмаваны прывілей на адзначаныя маёнткі, Васілю Жданаву сыну Манкевічу служачы, і 1713га  сакавіка 4 выдадзены, а 1797га ліпеня 25 ў судзе Рэчыцкім павета Бабруйскага актыкаваны прывілей Яго Каралеўскай Вялікасці Аўгуста 2га згаданага неаднаразова, які маёнткі Востраў і Шацілкі народжанаму Амяльяну Манкевічу, жонцы і нашчадкам на вечныя часы ўладанне ў спадчыну зацвярджае. Што ад Амяльяна народжаны пяць сыноў, у ліку якіх і прадзед таго, хто бярэ пасведчанне – Самуэль Манкевіч, а ад яго дзед Марцін....»)

 Інвентар 1684 г. аб Шацілавічах.
Інвентар 1684 г. аб Шацілавічах.


Такім чынам, высвятляецца, што адмысловыя рускамоўныя назвы «Остров и Шатилки», замест ужытай яшчэ у 1798 г. польскай «Ostrów Szatylinski», пачалі згадвацца толькі з пачатку ХІХ ст., – мусіць, у выніку кепскага перакладу апошняй. Гэтак замест аднаго маёнтка «ўзніклі» цэлых два… Аднак назва «Остров и Шатилки», ці «Шацилки и Остров» – гэта не толькі пэўны храналагічны маркер, але і згадка на тое, які менавіта «дакумент» паказвалі Манкевічы: гл. у У. Ландзберга гэтакае самае словазлучэнне, «Шацілкі і Востраў». Безумоўна, гэтую паперу з гербом яны атрымалі не ад Лешака Бялага у ХІІ, а ад Мінскага дваранскага сходу ў XIX ст.
Апрача таго, дадзеная дваранская справа ў стане праліць святло на этнічную належнасць некаторых Манкевічаў з ваколіцы Шацілкі, дзе напрыканцы 1920-х гг., як мы памятаем, фіксавалася ўжо выключна польскае каталіцкае насельніцтва. Але ў 1834 г. «дворянин Сильвестр Иосифов сын Монкевич, живущий на собственной земле околицы Шатилок в них же владеющем» («дваранін Сільвестр Іосіфаў сын Манкевіч, які жыве на ўласнай зямлі ваколіцы Шацілак ў іх жа уладанні») паведамляў, што ў Мінскую праваслаўную кансісторыю былі «препровождены» (перададзены) запісы аб хрышчэнні ў Чыркавіцкай Петрапаўлаўскай і Якімаваслабодскай Мікалаеўскай царкве «некоторых из фамилии нашей лиц» («некаторых з роду нашага асобаў») [11, арк. 93]. Цікава, што сярод нашчадкаў Ж. Манкевіча маглі быць не толькі гэтакія самыя праваслаўныя па веравызнанні, але і ўвогуле не дваране. У 1908 г. земскім начальнікам 4-га ўчастка Бабруйскага павета ў Мінскі губернскі дваранскі сход накіроўваецца запыт наконт некаторых жыхароў Шацілак. Начальнік прасіў паведаміць, «не принадлежат ли к дворянскому роду именующие себя крестьянами Манкевичи: Леон Виталисов, Владимир Поликарпов, Тимофей Иосифов и Гавриил Виталисов» («ці не належаць да шляхецкага роду Манкевічы: Лявон Віталісаў, Уладзімір Палікарпаў, Цімафей Іосіфаў і Гаўрыіл Віталісаў, якія называюць сябе сялянамі»). Адказ быў дадзены адмоўны [11, арк. 480–480 адв.].
Дарэчы, дакументальныя крыніцы праліваюць належнае святло на сапраўдны сацыяльны статус як саміх паноў Манкевічаў, так і іх папярэдніка Рамана Шацілы, з якіх часам робяць ледзьве не магнатаў. На самой справе гэта была чыншавая шляхта, што здабывала сабе хлеб самай звычайнай сялянскай працай. У інвентары Бабруйскага староства за 1684 г. згадваецца «Sioło Szaciłowicze nad Rzeką Berezyną» («Сяло Шацілавічы пад ракой Бярэзінай»). У ім, апрача трох сялян, пад № 4 згаданы «Pan Omelian Mankiewicz z aktem J(ego) M(e)s(ci) włok 1/3 Czynsz szczegulny ma plocic z tego zl(otych) 30» («Пан Амяльян Манкевіч з актам Яго Вялікасці – валок 1/3 – чынш агульны з таго 30 злотых мае сплочваць») (мал. 4) [12, арк. 32]. Меўся на ўвазе, канешне, акт прывілея караля Жыгімонта ІІ Аўгуста Амяльянаву продку Ждану Манкевічу і ягоным нашчадкам. А «чынш» (ад лацінскага census – «перапіс»), паводле Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г., – гэта натуральныя ці грашовыя плацяжы феадальна-залежнага сялянства на карысць землеўласнікаў [13, с. 543, 568]. Трэць валокі – гэта ўсяго толькі 7,1 га; праўда, у адрозненне ад суседа-«пана» ўсе сяляне ў тым самым сяле мусілі задаволіцца толькі шостай часткай валокі. У наступным інвентары таго самага староства, за 1692 г, згадваецца той самы «P(an) Omelian Mankiewicz ziemianin» («пан Амяльян Манкевіч зямянін»), які за сваю арэнду па-ранейшаму сплочваў тыя самыя 30 злотых [12, арк. 39].
Можа скласціся ўражанне, што напярэдадні, падчас разбуральнай вайны сярэдзіны XVII ст., ад якой вельмі моцна пацярпела таксама і Бабруйскае староства, Манкевічаў спаткала нейкая маёмасная катастрофа. Cапраўды, у 1598 г. Амяльянаў бацька Васіль Манкевіч атрымаў «Akt Ograniczenia na Ostrow Szatylinski» («Акт абмеру на Шацілінскі Востраў») [5, арк. 89–90 адв.], г. зн., на спадчыннае бацькоўскае ўладанне, па плошчы нават большае за цяперашняю гарадскую тэрыторыю Светлагорска. Усходняя мяжа гэтага ўладання праходзіла аж за Бярэзінай, па рэчцы Выдрыцы. На правым беразе Бярэзіны яна пачыналася ад возера Добрага і балота Перавор. Па словах аднаго са старажылаў в. Якімаўская Слабада (Баравікоўскі с/Савет Светлагорскага раёна) І. Ф. Гайдука, Перавор – гэта зараз канава, упоперак якой ідзе дарога з гэтай прыгараднай вёскі ў Светлагорск. Перавор з’яўляўся рубяжом паміж якімаваслабодскімі і шацілавіцкімі, «польскімі», уладаннямі. Ягоны бацька калісьці арэндаваў зямлю ў аднаго з тамтэйшых палякаў. Зараз канава Перавор вядзе проста ў возера Арэхава, якое павінна атаясамляцца з возерам Добрым у дакуменце. Далей мяжа, апісаўшы шырокае паўкола, ішла аж да Стражаўскага бору, што шумеў, паводле С. Н. Прача, у раёне цяперашняй светлагорскай чыгуначнай станцыі [14]. Аднак і папярэдні трымальнік Шацілінскага Вострава, Ждан Манкевіч, Васілёў бацька і дзед Амяльянаў, маёмасна наўрад ці быў за ўнука мацнейшы. В. У. Галубовічу ўдалося выявіць звесткі аб дакуменце, які быў «pismem ruskim pisany» («пісьмом рускім пісаны»). Складзены 25 снежня 1576 г., ён быў зацверджаны ўласным каралеўскім подпісам Стэфана Баторыя. Гэта было, ўвогуле, каралеўскае рашэнне па скарзе некалькіх шляхцічаў Рэчыцкага павета, і сярод іх Здана (г. зн., Ждана) Манкевіча. Кароль загадаў, каб яны, «względem gruntów od przodkow nadanych» («з пункту гледжання  падставаў, ад продкаў атрыманых») не выконвалі аніякіх іншых павіннасцяў, апрача вайсковай службы ў выпадку непрыяцельскага нападу на Чачэрскі замак [15, с. 244].
Зразумела, што скардзіліся гэтыя дробныя шляхцюкі, мусіць, з-за таго, што мясцовае начальства спрабавала іх прымушаць і эксплуатаваць: у дачыненні да існых феадалаў такое, зразумела, было немагчыма. Сапраўды, паводле згаданага вышэй Жыгімонтава Аўгустава прывілея ад 15 ліпеня 1560 г., Ж. Манкевіч, а перад ім Р. Шаціла, вызваляліся ад усіх выплат і павіннасцяў, апрача «Służby Konnej wojennej zarówno z drugimi Bojary Naszymi Hospodarskimi» («Службы Коннай вайсковай нароўне з іншымі баярамі Нашымі Гаспадарскімі»). За гэта кароль і пажалаваў ім «Ostrów Szatylinski w trakcie Horwolskom nad Rekoiu Berezynoiu leżaszczy z ieho Hruntami Lasami Borami Dubrowami z Derewom Bortnym y niebortnym z Rekami Reczkami і Sianożatiami z Hony Bobrowymi na Ręce Berezine z wsiakami Pożytkami y Uhodiami z oboich stron Reki Berezyny» («Востраў Шацілінскі, які ляжыць на тракце Горвальскім над ракой Бярэзінай, з яго землямі, лясамі, барамі, дубравамі, з дрэвамі бортнымі і небортнымі, з рэкамі, рэчкамі і сенажацямі, з гонамі бабровымі на рацэ Бярэзіне, з усялякімі выгодамі і ўгоддзямі з абодвух бакоў ракі Бярэзіны.»). Звернем увагу: аказваецца, ім перадаваліся ў карыстанне толькі разнастайныя экалагічныя рэсурсы, а ніводнага слова пра наданне ворнай зямлі з феадальна залежнымі сялянамі ці без іх у згаданым прывілеі проста няма [5, арк. 86–88 адв.]. Мусіць, ворная зямля з каралеўскага ўладання тут увогуле не выходзіла. Паводле інвентара Бабруйскага староства 1639 г., у сяле Шацілавічах яе было 380 моргаў, апрача сенажацяў і інш. [16, с. 304].
Такім чынам, ад самага пачатку гісторыі Шацілак (а таксама і сучаснага Светлагорска) дакументальна фіксуецца, можна сказаць, як этнаканфесійная, так і сацыяльна-маёмасная аднастайнасць. Крыху заможнейшыя за сярэдніх сялян, каралеўскія «баяры», уладальнікі Шацілінскага Вострава, таксама аралі зямлю, палявалі, лавілі рыбу, бортнічалі, але заставаліся пры тым абаронцамі Айчыны, нашымі беларускімі ідальга ці самураямі.
На працягу 4-гадовых раскопак Шацілінскага Вострава атрымана даволі шмат сведчанняў ваенізаванага ладу жыцця ўладальнікаў гэтай сядзібы. Нарэшце, трапілася і прамое падцверджанне, што згаданыя ў адпаведным прывілеі Жыгімонта ІІ Аўгуста асобы сапраўды праходзілі службу вайсковую конную. Маем на ўвазе знаходку масіўнай жалезнай шпоры з даволі доўгім шыпам, які меў паз і адтуліны для мацавання страчанай зараз зорачкі. Аналагічныя шпоры (руск. «остроги») аднесены ў Ю. М. Бохана да групы III і датуюцца ім XVI – пачаткам XVII стст. [17]. Цікава, што на назе бронзавага Рамана Шацілы мы бачым вельмі падобную на знойдзеную (мал. 5: 2, 3).

 Як вядома, у 2006 г. ўрачыста адзначалася 45-годдзе Светлагорска.-5

Пісьмовыя звесткі аб гістарычных пачатках Шацілак-Светлагорска паступова атрымоўваюць усё больш і больш матэрыяльных доказаў дзякуючы  археалогіі. Аднак на сядзібе Шацілінскі Востраў выяўлены і напластаванні, значна ранейшыя за часы Жыгімонта ІІ Аўгуста, Ждана Манкевіча і Рамана Шацілы. Найранейшыя ўтрымоўваюць шмат старажытнарускай керамікі, разам з якой трапілася, нарэшце, прасліца з ружовага оўручскага шыфера (мал. 5: 1).

 Як вядома, у 2006 г. ўрачыста адзначалася 45-годдзе Светлагорска.-6

Яно датуецца першай паловай XIII ст., таму што ўжо ў 1240 годзе Оўруч (летапісны старажытнаруск. Вручий) быў знішчаны мангола-татарамі, і вытворчасць гэтакіх прасліц назаўсёды спынілася. Для беларускага Шацілінскага Вострава гэтая невялічкая рэч мае прыкладна такое самае значэнне, што і для расійскай Балахны. Пры раскопках гэтага старажытнага волжскага горада таксама быў знойдзены толькі адзіны экземпляр шыфернага прасліца, значэнне якога адразу было прызнана за выключнае. Згодна з Т. В. Гусевай, гэта бясспрэчны доказ існавання Балахны, як мінімум, у XIII ст., нягледзячы на тое, што ў пісьмовых крыніцах яна згадваецца толькі з XV ст. [18]. Такім чынам, і ў нашай светлагорскай гісторыі мы таксама маем салідны «дапісьмовы» перыяд.
Сяргей РАССАДЗІН.

СПІС ЛIТАРАТУРЫ

1.    Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей НАРБ). – Фонд 968. – Воп. 1. – Спр. 484. – Арк. 201.
2.    Маслюкоў, Т.В. Колькі гадоў Светлагорску? Новыя даныя аб часе ўзнікнення Шацілак / Т.В. Маслюкоў // Агні камунізму. – 1990. – 19 мая. – С. 3.
3.    Янушкевіч, Я.Я. У прадчуваннi знаходак / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск, 1994. – Доступ праз Інтэрнет: http://kamunikat.h2.pl/knihi.html?pubid=9523 – Дата доступа: 15.07.2010.
4.    Górzyński, S. Herby szlachty polskiej / S. Górzyński,  J. Kochanowski. – Warszawa, 1994.
5.    Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь (далей НГАРБ). – Фонд 686. – Воп. 1. – Спр. 9. – Арк. 86–88 адв., 89–90 адв.
6.    Горбачёв, Н. Новая явь светлого города / Н. Горбачёв // Нефтяник Полесья. – 1998. – № 2. – С. 42–45. – Доступ праз Інтэрнет: История города Светлогорска и деревни Шатилки.   http://wwww.1gb.ru/show_picture.php?id=208 – Дата доступа: 15.07.2010.   
7.    Цэнтральны архіў НАН Беларусі. – Фонд 67. – Воп. 1. – Спр. 33. – Арк. 246, 247.
8.    НАРБ. – Фонд 701. – Воп. 1. – Спр. 44. – Арк. 50, 51.
9.    Булгарин, Ф.В. Воспоминания / Ф.В. Булгарин. – М., 2001. – Доступ праз Інтэрнет: http://fershal.narod.ru/Memories/Texts/Bulgarin/Bulgarin.htm – Дата доступа: 15.07.2010.
10.    Киркор, А.К. Народности Литовского Полесья и их жизнь / А.К.   Киркор // Живописная Россия (репринтное воспроизведение издания 1882 года). – Минск, 1993. – С. 25–26. – Доступ праз Інтэрнет:  http://lisabella.narod.ru/text2.html  – Дата доступа: 15.07.2010.
11.    НГАРБ. – Фонд 319. – Воп. 2. – Спр. 2124. – Арк. 1–2 адв., 93, 480–480 адв.
12.    НГАРБ. – Фонд 694. – Воп. 2. – Спр. 745. – Арк. 32, 39.
13.    Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. – Мінск, 1999.
14.    Прач, С.Н. Мінулае сяла Чырковічы / С.Н. Прач // Агні камунізму. – 1982. – 15 чэрвеня. – С. 3.
15.    Галубовіч, В.У. Дакументы па гісторыі Рэчыцкага павета ў кнігах запісаў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага за перыяд праўлення Уладзіслава IV Вазы / В.У. Галубовіч // Трэція міжнародныя Доўнараўскія чытанні. Рэчыца, 14 – 15 верасня 2001 г. – Мінск, 2002.
16.    Акты Виленской археографической комиссии. Инвентари и разграничительные акты. – Вильна, 1898. – Т. XXV. – Доступ праз Інтэрнет: http://runivers.ru/lib/contentdjvu.php?ID=505009&VOLUME=24 – Дата доступа: 15.07.2010.
17.    Бохан, Ю.М. Класіфікацыя познясярэднявечных шпор Вялікага княства Літоўскага другой паловы 14 – 16 ст. / Ю.М. Бохан // Гістарычны альманах. – 1998. – № 1. – С. 60–67. – Доступ праз Інтэрнет:  http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/almanach/01/01arch_bochan.htm – Дата доступа: 15.07.2010.
18.    Гусева, Т.В. Археологический комментарий к балахнинской находке /  Т.В. Гусева // Открытый текст [Электронны рэсурс]. – 2006. – Рэжым доступа: http://www.opentextnn.ru/history/archaeology/?id=767 – Дата доступа: 01.08.2010.

Крыніца: Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска, Тэкст Светлагорск : Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей , 2011 .- іл. Шацілкаўскія чытанні, Светлагорск : Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей, 2011, С. 23-37, RU/IS/BASE/358595393

15.07.2010.