На Сморгоншчыне ўручылі юбілейныя медалі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

28 June 2019

Набліжаючыся да радаснай даты – 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – па ўсёй Беларусі ветэраны і ўдзельнікі Другой сусветнай вайны, былыя вязні канцлагераў атрымалі чарговы юбілейны медаль. І на Смаргоншчыне пастараліся наведаць кожнага, каб выказаць сваю павагу і ўдзячнасць перад радаснай датай.

На грудзях ветэранаў ёсць медалі, якія ім асабліва дарагія, тыя, што атрымалі падчас вайны. Медалі гэтыя – гонар і боль. Боль таму, што часцей за ўсё заслужваліся яны ў такіх абставінах, пра якія лішні раз успамінаць не хочацца. Ёсць медалі менш каштоўныя – юбілейныя, напрыклад. Каб іх атрымаць, ветэрану трэба проста дажыць да памятнай даты. Ды ці так гэта проста?

Многім ветэранам і былым вязням фашысцкіх канцлагераў ужо больш за 80, 90 гадоў. Іх штодзённасць – гэта зноў змаганне. Толькі цяпер ужо з ворагам, якога нікому не ўдавалася адолець: узростам, хваробамі... І юбілейныя медалі – гэта як зарубкі на жыццёвым шляху. Дажыў да чарговага юбілею Перамогі, дасць Бог, яшчэ пяцігодку ў страі буду!

Разам з ваенным камісарам Смаргонскага раёна Леанардам Гружэўскім і спецыялістам УТЦСАН “Цёплы дом” Аленай Волк наведалі былых вязняў Валянціну Шэметаву, Соф’ю Руткоўскую і Марыю Плахотнікаву. 

На Сморгоншчыне ўручылі юбілейныя медалі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Жанчыны вельмі цёпла сустракалі гасцей і дзякавалі, што заўсёды пра іх памятаюць і адклікаюцца на патрэбы. Завіталі з памятным медалём і да былога вязня Івана Ромаша. “На шчасце, я ўсіх жахаў канцлагера не памятаю”, - падзяліўся Іван Іванавіч. Калі іх вызвалілі, маленькаму Івану Ромашу было ўсяго паўтара года. А з-за таго, што ў дакументах была няправільна запісана дата нараджэння, доўгі час увогуле не лічылі вязнем. На шчасце, дакументы ўдалося прывесці ў парадак. Любоў Пабярэжнік таксама прайшла канцлагер. Але нашмат прыемней ёй гаварыць пра кветкі, чым пра вайну. Яна расказвае нам пра сваіх гадаванцаў, паказвае кармушку для птушак на маленькім балкончыку – сапраўды, так любіць жыццё і прыроду могуць толькі тыя, хто зведаў найгоршае.

Генадзь Новік – ветэран вайны, былы чыгуначнік. Здароўе апошнім часам крыху падводзіць, але здавацца мужчына не збіраецца: паціху займаецца штодзённымі справамі, раніцай устае на зарадку. Шкадуе толькі, што за плугам хадзіць ужо сіл не хапае. А два гады таму агародныя справы былі яшчэ па плячах. Заязджаем у госці да працаўніцы тылу Марыі Мучкаевай. Разам з ёй чарговай узнагародзе радуецца сын, які прыехаў ажно з Архангельска.

На Сморгоншчыне ўручылі юбілейныя медалі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Жадаем добрага дня ветэрану Мікалаю Кабаку. А той у адказ жартаўліва махае рукой: “Добрыя дні ў мяне былі, як мы ў Берлін уваходзілі”, а потым дадае: “Але такіх гадоў, як у вайну, нікому пражыць не жадаю”. Мікалай Васільевіч – адзін са старэйшых жыхароў раёна. А яго аптымізму можна пазайздросціць: добра даглядае свой дом і падворак, збіраецца атрымаць яшчэ не адзін юбілейны медаль.

На Сморгоншчыне ўручылі юбілейныя медалі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Неўзабаве да нас далучаюцца старшыня райвыканкама Генадзь Харужык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Шумейка, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, начальнік ідэалагічнага аддзела і па справах моладзі райвыканкама Ганна Джумкова. Разам з імі кіруемся да ветэрана вайны Уладзіміра Мускага і былога вязня Дар’і Ручыцы. Уладзімір Пятровіч якраз адпачываў пасля агародных работ – стараецца папрацаваць з самага ранку, пакуль не пячэ сонца. Ён з задавальненнем пагутарыў з гасцямі, прыняў ад іх падарункі, кветкі і самае галоўнае – юбілейны медаль.

На Сморгоншчыне ўручылі юбілейныя медалі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Каб даставіць медалі і віншавальныя паштоўкі ад Прэзідэнта і Гродзенскага аблвыканкама, накіроўваемся ў вёскі нашага раёна. Найперш – у Жодзішкі да ветэрана Вацлава Гражуля. Яго ведаюць у вёсцы не толькі як ветэрана, але і як вельмі добрага гаспадара. “Ніколі не дазваляе Вацлаў Браніслававіч беспарадку ў двары і доме”, - расказвае нам старшыня сельвыканкама Святлана Кучарава. Разам з ёй мы едзем да яшчэ адной падапечнай з Лылойцяў – былога вязня Сафіі Астапенка. Сафія Сяргееўна трошкі ўсхвалявана віншавальным візітам, але рада. А мы захапляемся яе падворкам: там надзіва рана чырванеюць памідоры, проста на адкрытым паветры цвітуць баклажаны, на кустах спеюць ягады. Рукі ў гаспадыні залатыя, што і казаць.

На Сморгоншчыне ўручылі юбілейныя медалі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

На дачы ў вёсцы Укропенка адпачывае ветэран вайны Таццяна Ткачэнка. Туды і вязём юбілейны медаль. Таццяна Анціпаўна спяшаецца распытаць пра іншых ветэранаў: усё цяжэй ім сабрацца разам, падзяліцца навінамі. Яна смуткуе, калі даведваецца, што зусім нядаўна ў раёне памерлі аж чатыры ўдзельнікі вайны, радуецца за тых, хто яшчэ ў страі.

Ветэран Марыя Салагуб з Ардзяі неўзабаве адзначыць свой 99-ы дзень нараджэння. Яна прыціскае да сябе букет, які ўручыла старшыня сельсавета Святлана Махнач, і перабірае кветкі, беражліва бярэ ў рукі медаль. Марыі Ісідораўне цяжка гаварыць, але яе маўчанне яскрава перадае і падзяку, і радасць, і горыч успамінаў…

А мы едзем у Каранёўскі сельсавет, дзе нас сустракае старшыня Святлана Гаспадарова. У Святлянах жыве ветэран вайны Барыс Сосна. “Не дзівіцеся, у яго доме заўсёды многа людзей”, - расказвае Алена Волк, спецыяліст “Цёплага дома”. І праўда, сям’я ў Барыса Мікалаевіча вялікая: дзеці, унукі, праўнукі часта гасцююць у бацькоўскім доме. Медаль да 75-годдзя вызвалення Беларусі займае сваё месца сярод узнагарод ветэрана.

У Каранях мы наведалі былога вязня фашысцкага канцлагера Рыпіну Жабінскую, а ў Залессі разам са старшынёй сельвыканкама Зянонам Грышкевічам заехалі з віншаваннямі да яшчэ аднаго былога вязня Васіля Сітавенкі.

Медалі “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” засталіся сярод іншых узнагарод у скарбонках ветэранаў. З кожным юбілеем такіх узнагарод выпускаецца ўсё менш і менш. Праз дзесяць, дваццаць гадоў, магчыма, іх не будзе каму ўручаць. А сёння ветэраны з пашанай і гонарам прыма-юць бліскучыя медалі. Ведаюць яны, упэўнены мы – заслужылі.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.